РусскийБеларускi
Версия для слабовидящих

Версия для слабовидящих

Министерство образования Республики Беларусь
Отдел по образованию Березовского райисполкома

Государственное учреждение образования
"Песковская средняя школа"
Березовского района

 

 

 

Попко А.Н.

 
Алёна Папко. Вершы

Снежань на ростанях

        (вянок санетаў)

Твор - пераможца

рэспубліканскага літаратурнага 

конкурса імя Максіма Багдановіча

 

                        I

Уздрыгне ноч – марозны подых зор…

І ў полымі кастра згараць трывогі…

Наколькі верым – столькі і любоў

Трымаецца пазначанай дарогі.

Быць часткай твайго сэрца – на бяду,

Калі не стаць увогуле адзінай!

Мы не прывыклі слухаць цішыню,

Якая б’ецца птушкай палахлівай.

Спрачаюцца завеі з вышынёй,

Не прызнаючы чалавека раўнапраўе,

Ўжо колькі дзён не верыцца самой,

Што запазнілася ў іх срэбры прадчуванне:

“Калі не з ім, дык лепей ўнічыю…”

Каханне адгукнецца згодай аднаму.

чытаць далей

***
 
Як выпадзе снег…
 
А ты напішы мне, як выпадзе снег,
Чым сэрца жыве, чым баліць.
На долю злавацца, ты ведаеш, грэх,
І шчасця да донца не спіць.
 
А вусны кранае ледзь бачны адчай,
За гэта мяне не журы.
За сэрца пажар ты мяне выбачай,
Як промень у сцямнелым бары.
 
Прысядзь на дарогу. Але цішыню
Найпершай парушу сама –
Чакала калісьці скупога дажджу,
А зараз так прагну цяпла.
 
Балюча і лёгка глядзець на цябе,
Нібы праз туман на шашы.
Як выпадзе снег, ты ўсё ж такі мне,
Чым сэрца жыве, – напішы.
 
Мяняю ўспаміны на ўсмешку
 
Мяняю ўспаміны на ўсмешку!
Святкую новы дзень, што не для нас,
Бо абярэш ты на растанне сцежку
Надзіва незваротную, як час.
 
Не адзавешся рэхам гаманліва –
Звіняць птушыным шчэбетам лугі,
І сонцам пазалочана раўніна,
І вабіць непадкупнасць сон-травы.
 
Спякотаю запозненай навею
Пра тое, што пяю і чым жыву.
На горкую сустрэчную надзею
Мяняю сваю светлую журбу!
 
 
***
 У войны не женское лицо…
С. Алексиевич
На падворках апаленых хат
І пахілыя вербы, як удовы…
Адраджэннем – узлёт буслянят,
Слепіць верай язмін белабровы.
 
Травы вабяць бліскучай расой,
Пазалочана сонейкам ніва…
Не амылася толькі слязой
За ўзгоркам бязлікім магіла.
 
Пахаваны там мужны салдат?
Ці разведчык,
а можа дзяўчына?
Ім ядловец і бацька, і брат –
Зарастае сіроча сцяжына…
 
Той вайны набалелы цяжар
За плечыма шчэ носяць удовы…
У вайны – не жаночы твар,
І, як рана, пякучыя словы.
 

Рамонкі лугавыя

Яшчэ не раз убачымся з табой,
Няхай не родныя, але і не чужыя.
Заліты сонейкам абшары гарадоў
І ў гладышы рамонкі лугавыя.
 
Святлом тваім сагрэта ў жыцці,
Таму бяды, нібыта, не спазнала.
І кожны парастак, радок зямны,
Што клаўся на паперу, шанавала.
 
   
Ляцяць дзьмухаўцы
 
Дзесьці лівень мочыць разнатраўе…
Тата згрэб пакосы у стажкі.
І мядзее над узгоркам ранне,
І ляцяць бязважка дзьмухаўцы.
 
А ў мурах яскрава грэе сонца…
І вятры з паўднёвай стараны.
Як у нас, не пахнуць тут журботна
Надвячоркам сінім палыны.
 
Шум аўто і мітусня людская…
Хуткім рытмам поўніцца жыццё.
Безразважна, покуль маладая,
Я зрабіць магу амаль ўсё!
 
Толькі дзесьці мільгаціць ліхтарык,
Сыпле дождж ядлоўцава-грыбны…
І вісіць, як месяц, позні яблык,
І ляцяць бязважка дзьмухаўцы.
 

***

Што было, магчыма, і паўторыцца.
Толькі пражывем пражытае не мы.
І заснежыцца мая ваколіца –
Не заплачуць звонка капяжы.
 
І чаго раней не прымячалася –
Найважнейшым стане у жыцці.
Зерне, выпадкова што гублялася,
Падзяўбуць ахвотна вераб’і.
 
Толькі лёс наш, ведай, не паўторыцца –
Двойчы не ўвайсці ў адну раку.
Але як хацелася б прымроіцца
У цвіценні белым вішняку!
 
 
***
Сустрэла – і адчула як зямля
З-пад ног бянтэжна ў нікуды знікае.
… Нібыта сарамлівая вясна
Цябе праз час мне ластаўкай вяртае.
 
Ды толькі не ўцякаю з небыцця,
Гляджу ў бяздонне шчасця ненарокам,
І адгарае промень пачуцця –
Як хораша цвітуць сады высока!
 
Ты з успамінаў прышласці і страт!
Такі святы, аднак усё ж далёкі.
І не прыняць абачлівых парад,
Не наталіцца ад нябачнай спёкі.
 
Не варажу на тое, чым жыву,
Надоўга боль і радасць прымірыла.
І спадзяюся: ўсё-ткі разлюблю,
Каго яшчэ душою не забыла.
  
 
Зямля цвіце
 
Цвіце зямля рамонкамі і мятай,
Маліннік заплятаецца ў жыццё.
Мне не парушыць радасці і свята,
Калі яно на сконе дзён – тваё.
 
А далягляд імжыць над цішынёю
Сунічнай. І ніколі не збяднець,
Як поле ўзыходзіць збажыною,
Так будзе ўсход гулліва ружавець.
 
Прыйду на міг,
застацца каб навечна
І любавацца дзіўнай стараной.
Звіняць лугі вярбовыя надрэчна –
Зямля цвіце сівою даўніной…
 
  
***
Прывыкаю да новай пары…
Толькі зноўку шаную я лета,
І зялёныя ў промнях муры,
Дзе пяшчотай зямлі абагрэта.
 
Родны сэрцу сасновы лясок,
Пах духмяны калючай ігліцы.
Меладычны птушыны куток,
І маліннік заплёўся ў крыніцы!
 
Гэта сцежка падобна на лёс,
Бо табой сярод іншых абрана.
Родны сэрцу сасновы лясок…
І масток, як жыцця пераправа.
 
 

Радзіме

 Басанож па духмяных пакосах,
І па сэрцу тваім – басанож,
Каб прамокнуць на ранішніх росах,
І ўваскрэснуць ад пыльных дарог.
 
Свет малы і бязмежна шырокі!
Сінь крыніц і ружовасць зары –
Мне твой голас зусім не далёкі,
А твой шлях – не ў гару, а з гары.
 
 

Некалі

 Ці вясною, ці восенню –
Некалі
На павейках застыне раса.
Ці зімою, ці летам –
Адгэтулі
Узлятаць будзе мара мая.
 
Узлятаць, каб вярнуцца
Ў натхнёнае,
І каго не сустрэнеш, спытай:
“Адчаго не палоніць вядомае?
Да таемнага цягне…” –
“Чакай.”
 
Ці зімою, ці летам –
Даронае
Нам з табою было пачуццё.
Ці вясною, ці восенню –
Зорнае
У кахання неба было…
 

Вясновае

 Святло надзеі льецца на зямлю,
Жыццё бяжыць няспыннаю ракою,
Вясна спявае птушкай лугавою,
Кладзецца промнем сонца на раллю.
 
Блакіт нябёс як шчыры дотык веры.
Чароўным водарам ахоплівае думкі,
Пралескі беллю афарбоўваюць скверы –
Зноў сакавік багат на падарункі.
 
А новы дзень на крылах жаўрука
Заб’ецца непаўторным прадчуваннем:
Здалёк, дзе пачынаецца рака,
Прыносіць вецер мне букет жаданняў.
 
 

***

Не будзіць двойчы ўспамін
Ні шэры дзень, ні белы снег.
 
І досыць вымаўлена ўслых,
І досыць зроблена наспех.
 
Стамілася на паўшляху
Пад хмарным позіркам вачэй.
 
Імклівым зорам на зямлю
Глядзець стагоддзямі начэй.
 
І бачыць ў сне маю вясну –
Наўсцяж расчынена акно…
 
І ён – ў цвеце вішняку.
… Калісьці гэта ўжо было.
 
 
***
Ты не вернешся… Вернецца лета,
Як спяшаецца ў цемру камета –
Знічкі падаюць на далонь,
Неба зорная аболонь.
 
Ты не вернешся… Крокам туману
І рабінаю горкай падману
Надвячорак будзе гарэць.
Без патрэбы ў душы не збяднець.
 
Ты не вернешся… Як засцярога,
Млечны шлях перакрэсліць дарога.
Свет не здрадзіць тваёй дабрыні,
Як апошні ўздых – прагучы!
 
  
***
Мова, родная мова!
Ты выткана з лёгкага светлага слова,
З яго пачыналася Белая Русь,
Тут я – беларуска,
А ты – беларус…
 
Мова, бацькоўская мова!
Якой не была б мая цяжкай дарога,
З табой па жыцці буду разам ісці.
І кожны мне будзе тут сябрам,
Дзе ты!

***

Не спяшайся прамовіць “бывай”,
Покуль зоры запальвае неба.
Нібы родным, мне стаў твой адчай,
Што і іншага шчасця – не трэба.
 
Пралятаюць з паштоўкамі дзён
Прад вачыма забытыя твары.
… І далёкі бераг відзён,
І нябачны той, што жаданы.
 
Не спяшайся прамовіць “бывай”,
І пры тым у соты раз недарэчна,
Бо развітвацца нам неўзначай,

Толькі раз у жыцці – навечна!

Белы наліў
 
Хутка паспее белы наліў –                
І я пабягу ў садок.                     
Яблыкі буду збіраць у падол…          
Сяброў частаваць незнарок. 
 
Церпкі, салодкі… Яшчэ ды яшчэ! –
Ўскружыць іх пах галаву,                
Ды па-сяброўску дзядуля кіўне:    
“Рві ўнучка…                                     
                         Шмат аднаму…” 
 
Пах гэтых яблык ў душы берагу,                        
Не параўнаўшы ні з чым, –                      
Так толькі пахне ў летнім садку     
Белы наліў.                                                                         
 
Матчына песня
 
Заспявай, як у дзяцінстве, мне песню
Пра наш край, што я шчыра люблю.
Ах, матуля, якое прадвесне!
Зелянее наўкола ўзлессе –
І цяпло бласлаўляе зямлю.         
 
Я вярнулася сёння дадому –
Век пражыты нанова пачаць!
Вузка цягнецца ў вёску дарога,
І святлее на твары трывога,
А аблокі ў душу глядзяць.
 
Ах, матуля, я іншай не стала,
І Радзімы другой не шукала:
Наша шчасце ў уласных руках.
Што адмерыць нам сонечны шлях?
Заспявай мне, раней як спявала.
 
Пра наш край у густым вішняку,
Дзе зязюля гукае вясну…
 
* * *
Я застануся ў памяці тваёй,
А ў думках — навальніцай адгрымлю.
І незаўважна для сябе самой
Адкрыю вокны заўтрашняму дню.
 
Блакіт нябёс паглядам васількоў
Пяшчотна зачаруе шчэ здалёк.
Вяртаюцца, пакуль жыве любоў,
Пакуль баліць апошні яе крок.
 
Ды больш няма ў журбе патрэбы мне
Сустрэчна вінаваціць усіх жывых.
Бо што не стала родным — праміне,
Ніколі не ўзгадаецца ўслых. 
 
***
Гляджу услед… Задумна разумею,
Спляценні лёсаў не перахітрыць!
Таму лаўлю, як крохкую надзею,
Твой погляд, на які не варажыць.   
 
Таропка людзі некуды спяшаюць,
І час разводзіці нас, нібы масты.
На гэтай станцыі нас болей не чакаюць,
Адзін білет – у розныя канцы.
 
І абсыпае поўдзень за плячыма
Пялёскамі акацыі ўвесь свет!
Душы тваёй жаданая адліга…
Знікае між дамамі сілуэт…                    
 
Першы снег           
 
І першы снег бульвары замяце…
Прабач, што развучылася чакаць.
На дзіва лёгка адпушчу цябе,
Каб усё жыццё аб гэтым шкадаваць.
 
А горад спіць… Яшчэ мае сляды
Не сцерла слота, што глядзіць здаля.
Мы іншымі тады былі,
І іншаю была зіма.
 
 
* * *
«Да хуткай… Да новай сустрэчы!»
Як лёгка кахаць і жыць!
На твары тваім праменьчык
Пяшчотнага сонца дрыжыць.
 
І начыста шчасце малюе
На вокнах мне жнівеньскі дождж.
Магчыма, і нам пашанцуе.
«Да доўгай сустрэчы… усё ж!» 
 
***
Не родны для мяне і не чужы…
Што падалося – зноў не адгукнецца.
Між намі гарады, як міражы,
І паміж імі б’ецца тваё сэрца.
 
Згарае ў пазалоце светлых дзён
Рабін пунцовасць на маёй далоні.
Я ведаю: яшчэ гарыць агонь!
І веру – то агонь тваёй любові.
                                   
* * *
Мы мяняем з табою гады —
Зноў чарговы стаіць на парозе.
Мы мяняем з табой гарады,
Быццам птушкі ў далёкай дарозе.
 
На раскошу мяняем любоў,
Часам, дзелім зайздросна інтрыгі.
І мяняем надзейных сяброў
На сустрэчных — імклівых, бы крыгі.
 
Явар моўчкі застыў над вадой…
Прысмак горычы, прысмак спакусы…
Мы, здаецца, мяняем з табой
Не гады — нашы ўласныя душы. 
 
Перажывём
 
Перажывём… І радасць, і бяду.
Зноў па-дзіцячы Ясельда журыцца!
Па кладачцы танюсенькай брыду,
І боязна бывае аступіцца.
 
Адбітак у рацэ жывой вясны
Сагрэе думкі і жыццё міжволі.
Перажывём кахання явы-сны,
Астатняе — залечым зверабоем.
 
Вунь кропелькі дажджу над галавой
Афарбаваны першаю вясёлкай.
Глядзі, як можна лёгка над зямлёй
Растаць пад сонцам ясным і высокім!
 
***                         
А мне б крыху святой тваёй пяшчоты,
Як і лістам кляновым на траве…
Іду пад парасонам пазалоты
Накшталт зялёнай вечнасці ў сне.
 
Павольна чэзне вечар за плячыма,
Гул перуноў маўчыць каторы дзень!
Жывем як ад прыліва да адліва –
Няпрошаныя з тысячы людзей.
 
А шчасце? Ці яго нам абяцалі?
Закружымся ў танцы над зямлёй.
Шкада, што мы яго не затрымалі.
А ведалі ж, а марылі з табой…
 
***
Я падзякую весняму сонцу
І тваёй набалелай зіме,
Дзе пакінуты водар ядлоўцу.
 
… Мама лёгка фіранкі кране.
 
І ўварвецца цяпло ў пакоі,
Як няспешнае свята – ў душу.
Дзе бяссонне тваё міжволі,
Адганяю – і ўсё ж берагу…                                   
 
Белы вецер, белы дым…
 
Белы вецер, белы дым…
Нехта скажа: “Вы знаёмы…”
І бянтэжны прыпамін –
Сэрца апячэ затым…
Белы дзень, як белы дым.
 
Нашай восені ўзмах –
Стынуць вершы на паперы.
Белы дзень, як белы шлях…
Твой – далёкі, мой – нясмелы.
Восені маёй узмах…    
                                              
***
Усё-ткі мой… Падзякую жыццю
І восені, дажджом афарбаванай.
Чужому не малюся больш агню,
Бо ведаю: адвек буду каханай.
 
А погляд твой зычлівасцю кране,
І па руцэ прачытаны сакрэты.
Так рэчаісна падалося мне:
Клімт напісаў пра нас партрэты!
 
Як запавет, сустрэцца на зямлі…
Каб стаць тваёй усмешкай і слязою!
Адмерыць час гадзіннік вартавы…
А што чакае там, за той гарою?
 
***
Адчуй… Адчуй…
Па позірку чытаю
Мярзлоту і цяпло душы.
Тваёй… Тваёй…
Знянацку адпускаю,
І растаюць зняволена гады.
 
Ні я, ні ты…
А наваколле ў белі,
І пасярод зімы я лета сню.
Мае малітвы да цябе ляцелі,
А вусны паўтаралі, што люблю!                                      
 
Шыпшына
 
Я – калючая,
Не ірві!
Каб не страціць памяць уласную.
Я – пякучая,
Не крані!
А прабач за ўсё няшчасную!
Я – балючая,
Адыдзі!
Размінуцца вятры над магілаю…
І душа мая, як карані,
Зарасце паступова – шыпшынаю.
 
***
Ўчора была серада,
                      сёння ўжо чацвер.
Абцасамі па душы прайшла
Яна… Дык прымі на давер!
 
Ўчора вяргіні цвілі,
                     сёння, на жаль, зіма…
І ў пустой, як Сусвет, цішыні
Снег чарнеў, як любоў надвая.
 
Учора былі на “вы”, 
                       сёння цябе абняла.
Неба, чаму ж не мы! –
Мёдам свой боль запіла.                                                 
 
 
На іншай зямлі
 
Не сустрэну, бо ведаю сэрцам.
А на той, як на гэтай зямлі,
Белы квецень ўпадзе на акенца,
Каб шчаслівымі людзі былі.
 
Не сустрэну цябе, не сустрэну,
Хоць і буду адчайна прасіць.
Забяры маю грэшную веру,
Каб затым на дваіх падзяліць.
 
Той вясной
 
Альтанку аплятае дужы хмель…
Мажліва цягнецца па двары.
Бунтуе з асалодай зграбны шмель,
Бадзяецца ля вокан ледзь жывы! 
 
Даруй мне, як шмялю, маё жыццё
Будзённае ў пошуках сябе!
Прытупіць час кахання вастрыё –
Ад памяці збягу, як ад цябе.
 
Але не наталюся той вясной:
Ў ёй пах маёвы кружыць галаву!
Табе я абяцана была ёй…
Як ні жартоўна, толькі аднаму.
 
Мой сад
                                  
Драбнюткі дождж…                                
Прамок ужо мой сад.
Чаромхі ў ім няма,                                    
Была, ды год назад.                     
Цюльпаны адцвілі –                
Жыццё ідзе на лад.               
“Ён быў учора тут,
Прамокшы далягляд”.                  
                                                     
Дождж капае, імжыць,                
А хочацца цяпла.
Півонняў квет гарыць
На відавоку дня.
Маліны куст здалёк
Кранаецца зямлі.
“Учора ён быў тут,” –
Кажу я цішыні.
 
Глядзеў ён у мой сад,
Глядзела я ў акно…
І не было дажджоў,
Што зараз б’юць у шкло.
Задумліва стаяў –
Ды так і не зайшоў.
Чаму? Скажы мне сад.
Чаму? Шапні мне дождж
 
Час новых віражоў
 
Што шкадаваць? Нікому не вяртацца.
Напоена зямля вадою дажджавой.
Дарэмна ты прыйшоў спрачацца –
Згарае на далоні дзень маёй.
 
Згарае, як і шэры снег на лузе,
Мы ж сонна празябаем ад цяпла!
Загадкава, а ўсё ідзе па крузе:
Дзіцячы смех – і сэрцаў цішыня.
 
За ісцінай, што крочылі заўзята,
Ніколі не было, як і слядоў…
Чаборам пахне маміная хата.
Маё жыццё – час новых віражоў.
 
***
А можа мы праз некалькі гадоў
Сустрэнемся ізноў у старой кавярні.
Аслепіць сэрца голас твой наноў…
Аслепіць, як пярсцёнак заручальны.
 
Я ж погляд выпадкова твой злаўлю.
Відаць, ты з тых, каго не забываюць.
Глыток паветра прагна ўхаплю:
Відаць, ты з тых, каго і не вяртаюць.
 
Пякельна грэе верасень душу…
А мы з табой адны ў шматлюднай зале.
Нібыта сто гадоў цябе заву…
А гуртка кавы звыкла астывае.
 
На поўнае дыханне
 
Пазычанае забяры сабе…
З маёвай дзічкай шчасце адцвіце.
Цыкутай стане для мяне чаканне.
На поўнае дыханне…
 
Па Прыпяці спяшаюць караблі…
Кудысьці мы спяшаліся заўжды.
Табе да твару гэты цень кахання,
Няма ў яго вяртання.
 
Абсыпле плечы сонейка святлом…
Застанься непаўторным толькі сном,
Бо дзе заход, там хуткае світанне.
Жывем – на поўнае дыханне!
 
 

                               

Твор - пераможца

рэспубліканскага літаратурнага

конкурса імя Максіма Багдановіча

   Снежань на ростанях

(вянок санетаў)

 I

Уздрыгне ноч – марозны подых зор…

І ў полымі кастра згараць трывогі…

Наколькі верым – столькі і любоў

Трымаецца пазначанай дарогі.

Быць часткай твайго сэрца – на бяду,

Калі не стаць увогуле адзінай!

Мы не прывыклі слухаць цішыню,

Якая б’ецца птушкай палахлівай.

Спрачаюцца завеі з вышынёй,

Не прызнаючы чалавека раўнапраўе,

Ўжо колькі дзён не верыцца самой,

Што запазнілася ў іх срэбры прадчуванне:

“Калі не з ім, дык лепей ўнічыю…”

Каханне адгукнецца згодай аднаму.

 

II

Каханне адгукнецца згодай аднаму,

А іншаму не прымірыць пакуты.

Я можа, па-бядняцку заплачу,

Каб не гарчэлі на душы атруты!

Ружовай стужцы ззяць увышыні.

(Ад дыску сонца – шчыры падарунак!)

Здаецца, ўсе паўночныя вятры

Забыліся на ўсходні накірунак.

А здраднікаў адчайна не кляні,

Перад вачыма – часу бездарожжа…

Жыццё пражыць – не поле перайсці,

А з годнасцю пражыць таксама можна.

Ад погляду чужога абаронь,

Мне лёс твой скласці, як сабе, дазволь.

 

III

Мне лёс твой скласці, як сабе, дазволь.

А я руплівая, сумленна дапішу.

Учора быў мароз, а сёння золь –

Няма чаго стаяць на скразняку.

… Мільярды жыццяў згубленых вайной

І безліч слёз пралітых за зямлю.

Не даказаць класічных аксіём –

Калі? Чаму? Нашто? Каму?

І толькі памяць стукае даждом

Па помніку салдатаў баявых.

І цені кружаць зводдаль над сялом,

Туман… Як успамін жывых.

… Давай закончым даўнюю гульню –

За гэта я шыкоўна заплачу!

 

IV

За гэта я шыкоўна заплачу!

Бо развітанне – шчэ адно імгненне.

Не ўсе павераць у раннюю вясну,  

Не ўсе сустрэнуць з радасцю сталенне.

Прыходзіць вопыт… Тое, што раней

Здавалася патрэбным, – траціць сілу.

Ружовых мараў хуткі карабель

Ў заморскую спяшаецца краіну.

Прыходзіць восень… Ў валасах бацькоў

Яна красуе стужкай з белым срэбрам,

Для нас, дзяцей, іх вечная любоў

Бывае, без падзякі узаемнай.

Таму, магчыма, тысячы гадоў 

Ў люстэрцы бачацца трывогі і дакор.

 

V

Ў люстэрцы бачацца трывогі і дакор,

Ды болей не сустрэцца ненарокам.

Не забывайце родных і сяброў,

Наведвайце, няхай вы і далёка.

Жывем мы раз адзіны на зямлі

І ўсе памылкі забярэм з сабою.

А стомленыя душы нікалі 

Не знойдуць у Эдэме супакою.

Задумайцеся, што ёсць дабрыня?

Чаму яе змяніла асцярога

Таго, што мы хвалюемся за “Я”,

Калі другі папросіць ў нас нямнога?

Падман любоў на п’едэстал ўзвядзе,

А ночы матылёк ляціць на шчасце.

VI

А ночы матылёк ляціць на шчасце.

Святло у келлі ля ікон гарыць.

Я п’ю яго, ідучы на  прычасце,

Каб мне спакусу дзён прадухіліць.

Малітваю звярнуцца каб да Бога,

Адчуць на сэрцы лёгкі супакой.

Мне не патрэбна вельмі ўжо замнога,

Каб толькі дзесьці побач быць з табой.

Каханы… Ўсё спрачаліся нябёсы!

Мароз пакінуў цень ўначы на шкле.

А я ўсе мару сплесці нашы лёсы,

Каб верыць да апошняга табе.

Заўсёды без дазволу ды замоў,

Дзе надпіс без пазычаных імён.

 

VII    

Дзе надпіс без пазычаных імён,

Не абяцае ні кахання, ні вясны;

Дзе між далёкіх шэрых берагоў

Мы застаемся ў роздумах адны.

Да вуснаў дотык, лёгкая далонь

Лягла, каб супакоіць, на плячо…

Здаецца, гэта неба абалонь…

І толькі падалося нам жыццё!

А дзесь анёл нячутна праляцеў –

Упала зорка срэбра з вышыні.

Тваёй душы заблытаны павеў,  

Вандруе снежань звыкла па двары.

Вартуе палахнёнае зямное шчасце,

І белы снег – зімовае прычасце.

 

VIII

І белы снег – зімовае прычасце.

Задзірыста ён кружыць наўздагон,

І беллю прыкрывае наша шчасце,

З усіх неабароненых старон.

Ты – чэсны ліхадзей і добры вораг,

Якому дадзены дарэмны неспакой.

Цябе не патрывожыць нават шорах,

Сур’езны, мой даверлівы кароль.

Лічыць не будзем гора і нястачы,

Залечаныя горкаю слязой.

І бескарысліва ўсім аддзячым,

Растанем між зямлёй і вышынёй!

Кранем рупліва дарагі мне май,

Ўсё ж мроіцца пакінуць гэты жаль.

 

IX

Ўсё ж мроіцца пакінуць гэты жаль

І знікнуць ў сонцы, зведаўшы нябёсы,

Каб потым вымавіць упэўнена сябрам:

“Якія ж незямныя нашы лёсы!”

Іх прачытаць не зможа аніхто.

І нават лепшыя у свеце варажэі!

Ты – лёгкі прывід, а наўкол – святло,

Што сарамліва стукаецца ў дзверы.

Я не пакіну табе, любы, цішыні,

Дзе я была – яе не прызнавалі,

І зор недасягальныя агні

На небасхіле месяц сустракалі.

Ў адценні не маёй, тваёй трывогі…

Ды суджанаму не змяніць дарогі.

 

X

Ды суджанаму не змяніць дарогі,

Калі яны нябачныя здаля.

І мы не дачакаемся падмогі,

Час хуткаплынны… Іншая зямля.

Мы здзейснім тое, што заўжды хацелі,

Што вабіла, як жарт і як гульня.

Злуюць чамусь адвечара завеі

Пад светам жоўтым сябра-ліхтара.

Змятаюць непатрэбныя навіны

З паштовак, што прыносілі сюды,

Каб болей не было ні гора, ні бяды, –

Закрэсліць лёгка, толькі памажы.

Знайсці дасель не знойдзены Грааль,

І кінуць горстку смеху на паркаль.

  

XI

І кінуць горстку смеху на паркаль,

Ўсміхнуцца летуценна бліскавіцы,

Бо наша шчасце – гэта толькі здань,

Пад мокрымі крыламі навальніцы.

Дзе памятаюць тых, каго няма,

Дзе першы крок і звада,і адвага,

І дзе чужая – родная віна,

Жыццё ў радках, што праспявала мама.

І дзень, што так бясцэнна дарагі,

І словы, што згубіліся бясспрэчна.  

Дазволь мне памыляцца, як тады,

Запознена, цнатліва, недарэчна!

Каб прыпыніць растання цягнікі,

І камянямі не параніць ногі.

 

XII

І камянямі не параніць ногі,

І прысмак горкі сцерці назаўжды.

Як абяцанне, прагучыць нямногім

Адчайны белы снег у вышыні.

Ўяві яго пяшчотным і ласкавым,

Як быццам ён – мой дотык праз гады.

Ўяві яго чужым і не жаданым,

Ў якім павінна я, але не ты.

Каб не прасіць у адвечную пазыку

Цяпла твайго, святла тваіх вачэй.

Каб не падводзіць да сляпога ўліку

Мне колькасць зруйнаваную надзей.

І праз стагоддзі у бязмежжа сну

Табе шаптаць адзінаму: “Люблю…”

 

XIII

Табе шаптаць адзінаму: “Люблю…”

Азёрнай плынню Беларусь закалышу,

У лютым каб заплакаць капяжамі,

Паветра досыць удыхнуць грудзямі.

Прабудзіць сціпласць голас вераб’ёў,

І дрэвы ўгледзяцца ў абрысы берагоў.

Зіма… І шэрая ад снегу сінь,

Схаваны гарызонт, і з печаў лёгкі дым…

Дрыжаць галінкі вербаў – на мароз.

Не заімжыць, на дзіва, срэбны дождж.

Ён ператворыцца ў сняжынкі-крышталі,

Што будуць вабіць погляд да вясны.

Мне б прымірыць карысць і дабрыню –

І верыць, не дарэмна я жыву.

 

XIV

І верыць, не дарэмна я жыву,

Калі патрэбу маю ў тым, што я раблю.

Тады халоднай прыгажосць не зможа стаць

І мы с табою знойдзем, што сказаць.

Не дакрануцца да люстэрка – смог…

Працягвае далонь ці шэрань, ці то дождж.

Размыты вобраз – так сцвярджаў не ты,

І надвячорак запаліў свае агні.

Як быццам дзесьці гэта ўжо было…

Ды ў сэрцы не астыла пачуццё.

Акутаў прыцемак зрудзелы бор.

Уздрыгне ноч – марозны подых зор…

 

 ***

Уздрыгне ноч – марозны подых зор…

Каханне адгукнецца згодай аднаму.

Мне лёс твой скласці, як сабе, дазволь

За гэта я шыкоўна заплачу!

Ў люстэрцы бачацца трывогі і дакор,

А ночы матылёк ляціць на шчасце,

Дзе надпіс без пазычаных імён,

І белы снег – зімовае прычасце.

Ўсё ж мроіцца пакінуць гэты жаль,

Ды суджанаму не змяніць дарогі!

І кінуць горстку смеху на паркаль,

І камянямі не параніць ногі.

Табе шаптаць адзінаму: “Люблю…”

І верыць, не дарэмна я жыву.  

 

  

 

                             

 



                                       

 

телефон:+375164353238, электронная почта:peski@berezaroo.brest.by, регистрационное свидетельство:21424439964

 

Тот, кто мало знает, малому может и учить. (Коменский Я.)