Лаврусик М.В.
Лаврусик Марина Васильевна
Дарогі, скрыжаваныя лёсам
Так і я раскажу аб сабе і добрае, і дрэннае,
і няхай той, хто будзе чытаць усё гэта,
разбярэцца ў маім жыцці ці асудзіць…
В.Іпатава “Чорная княгіня”
З чаго пачынаецца радзіма для паэтаў і пісьменнікаў, мы даведваемся з іх твораў. А што значыць для звычайнага чалавека яго родны кут, яго продкі? Для мяне гэта памяць пра маю любую бабулю Вольгу Сцяпанаўну Лаўрусік, карэнную жыхарку вёскі Пескі. Ужо пайшла яна з жыцця, але ў памяці маёй застанецца назаўсёды.
Я любіла гасцяваць у бабулі, размаўляць з ёю, часта падыходзіла да яе з алоўкам і сшыткам і пачынала распытваць пра тое, як жылося раней. Бабуля адкладала ўбок сваё шыццё, старанна мыла рукі, падыходзіла да шафы і даставала альбом з фотаздымкамі. Некалькі хвілін прыціскала яго рукамі да грудзей. У гэты момант я моўчкі глядзела на бабулю, і чамусьці мой позірк прыпыняўся на тых руках, якія трымалі альбом. Рукі бабулі… Хочацца бачыць і адчуваць цеплыню яшчэ доўгі час гэтых дзвюх прыкладзеных адна да адной старых рук з уздутымі, нібы ручаіны, ператруджанымі венамі, з вузлаватымі, пакрыўленымі пальцамі. Мажліва, і раней я ўглядалася ў іх, калі ў ціхай утульнай вясковай хаце гэтыя рукі клалі перада мной на засланы кужэльным абрусам стол не замежныя ”марсы” і “снікерсы”, а духмяны, спечаны ў печы пірог з яблыкамі. Адчувала іх, калі яны гладзілі мой гарачы ў хваробе лоб, каб астудзіць нясцерпны жар, разам з імі палола грады за садком… Таму, можа, і вочы мае бачылі іх, пазіраючы на іншае…
Нада мной схілялася бабуля, з-пад белай хустачкі струменелі цеплынёю клапатлівыя вочы, па твары тысячамі маршчынак прабягала ўсмешка. Яна даставала з альбома адну-адзіную фатаграфію з таго часу, калі былі жывыя яшчэ яе бацькі. Здымак пажаўцеў, атрапаўся, але твары людзей на ім відаць было добра. З яго і пачынаўся бабулін расказ пра жыццё.
Лёс ёй, як і ўсім вясковым жанчынам, выпаў нялёгкі. Але насуперак яму, у душы гэтай жанчыны жылі і вырываліся на волю самыя розныя думкі і пачуцці: боль і радасць, адчай і надзея... І таму яна вырашыла ўзяцца за аловак, каб штосьці засталося нашчадкам. А засталіся... два вучнёўскія сшыткі, у якіх бабуля занатоўвала свае ўспаміны пра жыццё і вершы, якія нараджаліся ў яе галаве.
Лучше голому рождаться,
В гости красно одеваться,
Чтоб смерть следом не ступала,
Вас, как меня, не испытала.
Или год мой высокосный
На меня остался злосны:
Так он любит всё кончать,
Я же вышла жизнь начать…
“…Говорят, что ребёнок, родившийся в рубашке, счастлив. Я родилась в субботу, в 12 часов дня 24 августа 1924 года, в рубашке. Много раз стояла предо мною смерть, но ангел-хранитель отталкивал её, потому что не пришло то время, которое на роду назначено…”
Так пачынаецца пісьмо-споведзь аб жыцці ў першым бабуліным сшытку. Вельмі цікава напісана яно і прадстаўляе маю бабулю, Вольгу Сцяпанаўну, як чалавека з багатым унутраным светам. Яна любіла і тонка адчувала прыроду, хутка, амаль на хаду, складала вершы або жарты.
Сознаюсь, очень слезлива
Да ещё и боязлива,
Ведь родилась я в год мыши,
А ей лучше, когда тише.
Как повысит муж мой голос,
Зареву я, как корова.
Он язык и проглотил…
Ну, и кто тут победил?!
Шмат чаго давялося перажыць бабулі: голад, вайну, разруху. Працавала яна і ў калгасе, і на пошце, і на маслабойцы, але нідзе ёй не здраджвалі пачуцці гумару і аптымізму. З вялікай любоўю аглядася яна на пражытыя гады… Пражыла ўсё жыццё з верай у Бога, “па совесці”, вырасціла з мужам у міры і згодзе чацвёра дзяцей, бясконцую хатнюю працу ні на кога не перекладала.
Менавіта ёй, малапісьменнай жанчыне, было наканавана лёсам пачаць пісаць сваеасаблівы летапіс нашага роду. У вершах бабуля адлюстроўвала самыя шчаслівыя моманты свайго жыцця. Гэта добра адчуваецца ў вершы-запавеце ўнукам.
Родных своих цени и слушай,
Желания их старайся выполнять.
Как мы ждём, наш милый внучек,
Что б ты рос скорей большой
Да в очередной денёчек
Помогал нам пасть коров.
Вот что мы тебе желаем,
А что будет – мы не знаем.
Сам ты Боженьку проси,
Крестик на груди носи.
Бог тебе во всём поможет,
Дорогу в жизни тебе проложит.
Защитит от бед, невзгод.
И проживёшь ты целый век,
Наш дорогой ты человек.
Сёння ў маіх руках бабуліны сшыткі, перачытваю іх зноў і зноў і разумею, што мне ёсць кім ганарыцца. Я ганаруся сваёй бабуляй!
2012 год